Сцяг Нядзеля, 5 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 красавіка 2024, 12:26

Лукашэнка расказаў аб непублічнай частцы Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка
25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі, старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу 25 красавіка расказаў аб непублічнай частцы Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы дэталёва ахарактарызаваў ваенна-палітычную абстаноўку, якая складваецца ў рэгіёне ў цэлым і непасрэдна каля беларускіх граніц. Сітуацыя няпростая, і ў такіх абставінах трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу маладому пакаленню, перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Мы ўсе, у першую чаргу бацькі, на чыіх дзяцей заходнія спецслужбы сёння глядзяць як на вярбовачны матэрыял, павінны быць больш уважлівымі да моладзі", - падкрэсліў ён.

У цяперашніх рэаліях сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі Беларусі аб'ектыўна не можа заставацца нязменнай, канстатаваў Прэзідэнт. "У ёй з'явіцца новая тэма: ядзернае стрымліванне. Тыя, хто падштурхнуў нас да яе, павінны аб гэтым ведаць і разважліва глядзець на адназначныя наступствы сваіх, мякка скажам, неасцярожных рашэнняў", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

"Мы вывучылі ўрокі не толькі Украіны. Мы добра вывучылі і асвоілі ўрокі Вялікай Айчыннай вайны, асабліва пачатковага этапу, калі прыміралі тыя, хто на нас напаў, мы баяліся слова сказаць, каб іх не актывізаваць на граніцы. І што атрымалі? Пад Масквой (ворагі. - Заўвага БЕЛТА) былі менш як за паўгода. Гэта для нас урок", - дадаў Прэзідэнт.

У парадку дня пасяджэння УНС - зацвярджэнне двух важнейшых дакументаў стратэгічнага планавання: абноўленых Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Беларусі.

"У іх адлюстраваны ключавыя змяненні глабальнай ваенна-палітычнай абстаноўкі, нацыянальныя погляды на падтрыманне міжнароднага міру і стабільнасці, забеспячэнне ваеннай бяспекі нашай краіны і яе ўзброеную абарону. Замацаваны палажэнні аб грамадскай згодзе, непахіснасці ўстояў народаўладдзя і прававой дзяржавы", - абазначыў ключавыя пазіцыі Прэзідэнт.

Над Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі, паводле яго слоў, працавалі не толькі вядучыя эксперты і прафесіяналы ў сферы бяспекі, але і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, неабыякавыя грамадзяне. Усе, каму неабыякава будучыня краіны, маглі азнаёміцца з тэкстам дакумента і паўдзельнічаць у дыскусіях, унесці канкрэтныя прапановы па яго дапаўненні.

"Зразумела, не ўсе механізмы абароны нацыянальных інтарэсаў, нацыянальнай бяспекі былі вынесены на абмеркаванне. Каб усведамляць сур'ёзнасць і важнасць канцэпцыі, вы павінны ведаць: у развіццё дакумента прымаецца прававы акт закрытага характару, які ўстанаўлівае сістэму індыкатараў для ўсіх сфер жыццядзейнасці (палітычная, эканамічная, ваенная і іншыя), - удакладніў кіраўнік дзяржавы. - На аснове гэтых паказчыкаў з рознай перыядычнасцю праводзіцца ацэнка стану нацыянальнай бяспекі. Мы вывучаем, як ідуць справы ў той ці іншай сферы, робім адпаведныя высновы і даводзім да беларускага народа".

Прэзідэнт растлумачыў, што проста замацаваць у канцэпцыі, якая мае агульны характар, асобныя палажэнні было б недастаткова: "Трэба прасачыць, як мяняецца абстаноўка, як выконваюцца абазначаныя намі прыярытэты і якія неабходна прымаць меры рэагавання".

У выніку, як растлумачыў Аляксандр Лукашэнка, атрымліваецца комплексны зрэз развіцця дзяржавы на пэўным этапе. Па сутнасці, гэта два дакументы - канцэпцыя і яе непублічная частка - складаюць адно цэлае.

"Вырашаць складаныя задачы, выкладзеныя ў канцэпцыі і дактрыне, нам! Таму што, як мы гаварылі, "Час выбраў нас!" - падкрэсліў, падводзячы вынікі свайго выступлення, Аляксандр Лукашэнка. - Я вас не запалохваю, як многія пачнуць гаварыць, але і ўтойваць ад вас інфармацыю мы не маем права. Абстаноўка сур'ёзная".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі