Сцяг Пятніца, 17 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 мая 2024, 08:58

Мір! Праца! Май! У Беларусі адзначаюць Свята працы

1 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Беларусі адзначаецца Свята працы. Яно было заснавана ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года.

Доўгі час 1 мая адзначаўся як Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных усіх краін. Гэта старонка гісторыі свята пачалася ў XIX стагоддзі мітынгамі рабочых. Першыя такія акцыі прайшлі 21 красавіка 1856 года ў Аўстраліі. Хутка рух распаўсюдзіўся на гарады ЗША і Канады.

1 мая 1886 года рабочыя горада Чыкага (штат Ілінойс, ЗША) арганізавалі забастоўку і мітынг з патрабаваннямі ўвесці васьмігадзінны працоўны дзень, што скончылася масавымі беспарадкамі. Праз тры гады, у ліпені 1889-га, Парыжскі кангрэс ІІ Інтэрнацыянала (міжнароднага аб'яднання сацыялістычных рабочых партый) пастанавіў лічыць 1 мая Днём салідарнасці рабочых усяго свету і прапанаваў штогод адзначаць яго дэманстрацыямі. Так Першамай прыйшоў у многія краіны: у 1890-м мітынгі адбыліся ў Аўстра-Венгрыі, Бельгіі, Германіі, Даніі, ЗША, Францыі, Італіі, Швецыі і некаторых іншых краінах. У Расійскай імперыі гэта свята ўпершыню было адзначана ў 1890 годзе правядзеннем першамайскай стачкі рабочых. Крыху пазней тут шырока распаўсюдзіліся маёўкі - збор прадстаўнікоў пралетарыяту.

У 1891 годзе па рашэнні Брусельскага кангрэса II Інтэрнацыянала краінам было прадастаўлена права самастойна ўстанаўліваць дату і фармат святкавання Першамая. З гэтага моманту ў Вялікабрытаніі і некаторых іншых дзяржавах маніфестацыі былі перанесены на першую нядзелю мая.

У Беларусі свята 1 Мая ўпершыню было праведзена ў 1895 годзе на тайным сходзе работнікаў прадпрыемстваў. Да 1905 года яно  распаўсюдзілася па беларускіх гарадах і стала масавым. Але з пачаткам Першай сусветнай вайны колькасць мітынгаў прыкметна скарацілася.

У 1917 годзе 1 Мая ўпершыню адсвяткавалі адкрыта. Праз год, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, свята стала афіцыйным і нерабочым днём - спачатку ў Савецкай Расіі, а потым ужо і ў СССР.

Першамай святкавалі з незвычайнай урачыстасцю і пышнасцю. На Краснай плошчы Масквы да 1968 года праводзілі ваенны парад. Ён быў галоўнай падзеяй свята. Асаблівую яркасць і моц яму надаваў паказ авіяцыйнай тэхнікі, які пачаўся з 1933 года. Крылатыя машыны праляталі над галовамі людзей. У гады Вялікай Айчыннай вайны паветраныя парады не праводзіліся. Традыцыя адрадзілася ў 1946-м і прадаўжалася да 1956 года. Затым і ўсю ваенную тэхніку перасталі ўключаць у сцэнарый свята, надаўшы яму выключна мірныя матывы. З 1969 года ў першамайскіх дэманстрацыях прымалі ўдзел толькі шматтысячныя калоны людзей розных прафесій, якія з крыкамі "Ура!", лозунгамі аб міры і свабоднай працы з кветкамі, шарамі і транспарантамі ішлі па галоўных плошчах ва ўсіх гарадах СССР.

У 1956 годзе адбылася першая тэлевізійная трансляцыя парада на Краснай плошчы з удзелам ваенных і святочным канцэртам. З таго часу ўрачыстае мерапрыемства штогод трансліравалі па Цэнтральным тэлебачанні. Але большая частка людзей у гэты дзень выходзіла на вуліцу: яны збіраліся ў парках, скверах, у дварах - спявалі, танцавалі, сустракалі вясну.

З 1970-га Першамай афіцыйна стаў Днём міжнароднай салідарнасці працоўных. А яшчэ яго называлі святам вясны. Ён сапраўды быў вясновым святам, ад якога павявала цяплом пасля доўгіх зімовых месяцаў. Людзі радаваліся абнаўленню прыроды і дружна ішлі на дэманстрацыю. Яна мела не толькі важнае дзяржаўнае і грамадскае значэнне. Гэта была магчымасць кожнаму сустрэцца з сябрамі, калегамі, аднакласнікамі. Пасля дэманстрацыі людзі ішлі адзін да аднаго ў госці. Святочны стол быў абавязковым атрыбутам Першамая. У часы СССР Першамай быў вялікай радаснай падзеяй, якую з нецярплівасцю чакалі і да якой старанна рыхтаваліся. Асаблівую атмасферу надавалі мелодыі, якія чуліся з устаноўленых рупараў. У гэты дзень сеансы ў кінатэатрах былі бясплатныя, а ў школах праводзіліся святочныя вечары.

У гады перабудовы дэманстрацыі на вуліцах вёсак і гарадоў спыніліся. Апошняе такое шэсце ў гісторыі Савецкага Саюза адбылося ў Маскве 1 мая 1990 года.

У Беларусі першамайскую традыцыю беражліва захавалі. У сакавіку 1998-га, згодна з указам Прэзідэнта, Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных быў перайменаваны ў Свята працы і аб'яўлены нерабочым днём. Першамай у нас па-ранейшаму адзначаюць яскрава і з вялікім размахам. Праводзяцца мітынгі, забаўляльныя мерапрыемствы, атракцыёны, кірмашы, канцэрты з удзелам зорак эстрады. На дзяржаўным узроўні ў гэты дзень паўсюдна ўшаноўваюць перадавікоў вытворчасці, прафсаюзных актывістаў і ветэранаў працы, прадпрыемствы і іх калектывы, якія дэманструюць высокія паказчыкі ў рабоце. У гэты дзень прынята падводзіць вынікі і вызначаць перспектывы. Для большасці жыхароў краіны 1 Мая з'яўляецца добрай нагодай для прыемных сустрэч і сямейнага адпачынку. Сёння кожны з нас па-свойму сустракае і адзначае 1 Мая. Але да гэтага часу многія памятаюць легендарныя "Мір! Праца! Май!"-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі