Сцяг Нядзеля, 19 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 мая 2024, 10:35

Праваслаўныя вернікі святкуюць Вялікдзень

5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праваслаўныя вернікі сёння святкуюць Светлае Уваскрэсенне Хрыстова - Вялікдзень. Гэта цэнтральная падзея ў духоўным жыцці хрысціян адзначаецца з вялікай пашанай, урачыстасцю і радасцю.

Хрысціяне вераць, што пасля грэхападзення Адама душы ўсіх людзей былі пазбаўлены магчымасці вярнуцца ў рай, а таму пасля смерці ўсе траплялі ў пекла. Але Хрыстос, памёршы і ўваскрэснуўшы, адкупіў грахі чалавецтва і тым самым адкрыў людзям дарогу ў Царства Нябеснае.

У пачатку апошняга тыдня свайго зямнога жыцця Ісус Хрыстос увайшоў у Іерусалім. Савет іерусалімскіх жрацоў задумаў расправіцца з Хрыстом. Таму за трыццаць срэбранікаў жрацы падкупілі аднаго з вучняў Хрыста - Іуду і той здрадзіў Ісусу. Рымскі намеснік Понцій Пілат зацвердзіў прысуд: Ісус быў распяты на крыжы на гары Галгофа каля Іерусаліма разам з гарадскімі зладзеямі і разбойнікамі. Пасля смерці цела Ісуса выпрасіў багаты чалавек з горада Арымафеі Іосіф. Ён пахаваў Хрыста ў сваім садзе, у пячоры, высечанай у каменнай гары. Пасля пахавання Понцій Пілат, баючыся, што цела Ісуса Хрыста выкрадуць, загадаў зачыніць уваход у пячору вялікім каменем і прыставіць варту.

У канцы суботы, уначы, на трэці дзень пасля сваіх пакут і смерці, Ісус Хрыстос ажыў, уваскрэс з мёртвых. Яго цела змянілася. Ён выйшаў з Гроба, не адваліўшы каменя і нябачны для варты.

У гэты ж час з неба сышоў Анёл Гасподні. Ён адваліў камень ад пахавальні і сядзеў на ім. Воіны, якія пільнавалі гроб Ісуса, вельмі спалохаліся, а потым, апрытомнеўшы, разбегліся.

Раніцай да Гроба Гасподняга прыйшлі набожныя жанчыны, каб прынесенымі пахучасцямі памазаць цела Хрыста. Падышоўшы да месца пахавання Госпада, яны ўбачылі, што вялізны камень у пячору адсунуты. Марыя Магдаліна ўвайшла ў пячору і ўбачыла, што свяшчэннае месца пустое. Яна паспяшалася апавясціць аб гэтым Пятра і Іаана. Усе яны вярнуліся назад да пячоры. Падышлі да гроба і іншыя набожныя жанчыны. І ўбачылі яны, што на камені, які некалі зачыняў уваход, сядзіць анёл у белым адзенні. Анёл сказаў ім: "Вы шукайце Ісуса Назараніна ўкрыжаванага? Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены. Але ідзіце, скажыце вучням Яго і Пятру, што Ён сустрэне вас у Галілеі, там вы Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам".
Уваскрэслы Хрыстос на працягу 40 дзён з'яўляўся вучням, суцяшаючы і навучаючы іх. Але раней за ўсіх Ён узрадаваў Прасвятую Маці сваю, абвясціўшы ёй праз анёла пра сваё ўваскрэсенне.

Свята Уваскрэсення Хрыстовага называецца Вялікаднем у знак пераемнасці з ранейшым старазапаветным святам збавення Ізраіля ад егіпецкага рабства. У эру Новага Запавету назва "Вялікдзень" атрымала асаблівы сэнс і стала абазначаць пераход ад смерці да жыцця, ад зямлі да неба, ад тленнага і пякельнага - да добрай вечнасці.

Усе богаслужэнні і царкоўныя абрады гэтага свята асабліва ўрачыстыя і прасякнуты адным пачуццём радасці аб выратаванні ўсяго існага.
Сімвал велікоднага свята - фарбаваныя яйкі. Хоць яйкі фарбуюць у розныя колеры, традыцыйным з'яўляецца чырвоны - колер жыцця і перамогі.

Да асобых велікодных абрадаў адносіцца благаслаўленне асаблівага хлеба - артаса. Гісторыя гэтага звычаю такая. Апосталы, якія прывыклі дзяліць трапезу разам з Ісусам, пасля Яго Узнясення адчувалі нябачную прысутнасць Госпада ў сваіх сходах. Пачынаючы трапезу, яны пакідалі незанятым тое месца, на якім знаходзіўся з імі Ісус Хрыстос, а на стале насупраць таго месца клалі, як бы для Яго, частку хлеба. Кожны раз пасля заканчэння трапезы яны падымалі гэту частку хлеба і ўсклікалі: "Хрыстос уваскрэс!"

У дзень Вялікадня спыняецца ўсялякі пост і смутак. Велікодная трапеза ў хрысціян - самая багатая і смачная. Пасля сямітыднёвага посту на стол ставяцца кулічы, тварог, мяса, фарбаваныя яйкі. Кулічы пякуць са здобнага цеста з дабаўленнем арэхаў, разынак і духмяных прыпраў.
Само свята Уваскрэсення Хрыстовага адзначаецца царквой на працягу тыдня - гэты перыяд называецца Светлай сядміцай. У цэлым жа днямі велікоднай урачыстасці лічацца 40 дзён - да свята Узнясення. У гэты радасны саракадзённы перыяд вернікі прадаўжаюць замест звычайнага прывітання гаварыць "Хрыстос уваскрэс!" і адказваць "Сапраўды ўваскрэс!"
З момантам уваскрэсення Хрыста звязаны яшчэ адзін хрысціянскі цуд - сашэсце на Яго гроб Жыватворнага свяшчэннага агню, што з'яўляецца кожны год напярэдадні Вялікадня. Гэты агонь сімвалізуе нерукатворнае святло Уваскрэсення Хрыстовага.-0-

Фота Максіма Гучака, Алега Файніцкага, Леаніда Шчаглова
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі