Сцяг Пятніца, 17 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 мая 2024, 16:50

Сергяенка аб мемарыяле "Прарыў": гэта месца нікога не павінна пакінуць абыякавым

Ігар Сергяенка
Ігар Сергяенка
1 мая, Ушацкі раён /Кар. БЕЛТА/. Мемарыяльны комплекс "Прарыў" нікога не павінен пакінуць абыякавым. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка ў час патрыятычнай акцыі "Прарыў Перамогі", прысвечанай 80-й гадавіне прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"80 гадоў таму тут кожны быў героем - і той, хто знаходзіўся ў страі, і той, хто быў па-за ваенным строем. Гэта і баец партызанскага атрада, і вясковы хлапчук, які стаў партызанскім сувязным, і сівавалосы стары, які паказваў партызанам сцежкі праз непраходныя мясціны, і жанчыны, якія даглядалі параненых, а таксама пяклі хлеб. Ва Ушацкім раёне былі цяжкія баі. Напэўна, адна з самых маштабных карных аперацый, якія праводзілі фашысты супраць партызан. Тут з восені 1942 года па красавік 1944 года дзейнічала Полацка-Лепельская партызанская зона і была адноўлена савецкая ўлада. Некалькі раёнаў поўнасцю кантралявалі партызаны і фактычна ў гэты перыяд нага фашыста сюды не ступала", - адзначыў Ігар Сергяенка.

Ён дадаў, што тут працавалі школы і невялікія прадпрыемствы, якія забяспечвалі жыццядзейнасць партызан і мірнага насельніцтва. Таксама тут падтрымлівалася сувязь з вялікай зямлёй - пастаўлялі зброю і медыкаменты.

"На пэўным этапе вайна пачала ісці да свайго завяршэння. Гэта тэрыторыя перашкаджала фашыстам, паколькі наносіла сур'ёзны ўдар па іх камунікацыі. Фашысты кінулі сюды сілы, якія амаль у тры разы перавышалі нашы. Пры гэтым партызаны ўсё ж такі змаглі вырвацца з акружэння. Яны выйшлі з вялікімі стратамі, але выратавалі тысячы мірных жыхароў і сваіх таварышаў. Акрамя таго, партызаны не страцілі сваю баяздольнасць і ў далейшым прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі", - падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Ігар Сергяенка падзяліўся, што ўпершыню пабываў у мемарыяльным комплексе "Прарыў", калі быў школьнікам сёмага класа і прачытаў кнігу вядомага партызанскага камандзіра, героя СССР Уладзіміра Лабанка "Партызаны прымаюць бой".

"Гэта месца нікога не павінна пакінуць абыякавым. Бацькі прывезлі мяне сюды, калі комплекс быў яшчэ толькі некалькі гадоў як пабудаваны, але народная сцяжына да яго да гэтага часу не зарастае. Сёння тут шмат моладзі, кадэтаў, школьнікаў і людзей розных пакаленняў. Да таго часу, пакуль жыве народная памяць аб тутэйшых ваенных падзеях і сюды прыходзяць людзі, будучыня ў нашай краіны ёсць", - рэзюмаваў Ігар Сергяенка.-0-
Фота Сяргея Шэлега
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі