Сцяг Панядзелак, 20 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 мая 2024, 09:16

У Беларусі святкуюць Дзень Перамогі

9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Рэспубліцы Беларусь сёння адзначаюць Дзень Перамогі - свята, здабытае ў цяжкіх баях за свабоду і незалежнасць Радзімы. Для жыхароў рэспублікі гэта не толькі святочны дзень, але і дзень памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці ўсім, хто набліжаў Вялікую Перамогу.

79 гадоў таму, 9 мая 1945-га, была атрымана Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, якая прадаўжалася 1418 дзён і начэй. Савецкі народ адыграў вырашальную ролю ў барацьбе супраць фашызму і вынес на сваіх плячах асноўны цяжар вайны, вызначыўшы будучыню ўсёй сусветнай цывілізацыі.

Беларусь першай з саюзных рэспублік прыняла на сябе масіраваны ўдар фашысцкіх захопнікаў, стаўшы арэнай самых буйных бітваў. Першымі наступленне ворага адбівалі пагранічнікі і перадавыя падраздзяленні войскаў прыкрыцця. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы, а таксама Брэст, Гродна, Ваўкавыск, Баранавічы і іншыя беларускія гарады. Стойка трымаліся абаронцы Брэсцкай крэпасці, Мінска, Магілёва. 14 ліпеня пад Оршай супраць ворага былі ўпершыню прыменены савецкія рэактыўныя ўстаноўкі "Кацюша". Супраціўленне, аказанае ворагу ў баях на тэрыторыі Беларусі ў пачатку вайны, дало магчымасць сарваць нямецкія планы імклівага наступлення на Маскву.

Аднак, нягледзячы на праяўленыя мужнасць і гераізм, тэрыторыя Беларусі да пачатку верасня 1941 года была акупіравана немцамі. Пасля пачатку акупацыі ў Беларусі разгарнулася небывалае па сваёй масавасці і ўпартасці супраціўленне ворагу. Галоўнай формай усенароднай барацьбы стаў партызанскі рух, у якім за гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічалі каля 374 тыс. партызан, звыш 70 тыс. чалавек налічвала антыфашысцкае падполле. У партызанскіх атрадах разам з беларусамі змагаліся прадстаўнікі розных народаў Савецкага Саюза і антыфашысты з еўрапейскіх краін. У гады вайны існавалі каля 30 партызанскіх зон, тэрыторыю якіх немцам так і не ўдалося акупіраваць.

Беларусы - адна з найбольш пацярпелых у выніку вайны нацый. Гітлераўцы правялі ў Беларусі каля 180 карных аперацый. Трагічным сімвалам масавага знішчэння мірнага насельніцтва стала вёска Хатынь. У ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа было ўстаноўлена, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічала больш за 580 лагераў смерці. У іх ліку самы буйны на ўсёй захопленай савецкай тэрыторыі лагер смерці "Трасцянец", дзе, згодна з апошнімі данымі Генеральнай Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, загінулі не менш як 546 тыс. чалавек.

У гады нямецка-фашысцкай акупацыі на тэрыторыі БССР нацысцкія злачынцы знішчылі поўнасцю або часткова, у тым ліку разам з жыхарамі, не менш як 12 348 сельскіх населеных пунктаў. Спіс вёсак, якія падзялілі трагічны лёс Хатыні, гэта значыць тых, якія былі спалены поўнасцю з жыхарамі і не аднавіліся пасля вайны, дапоўнены новымі населенымі пунктамі. На гэты момант іх налічваецца не менш за 288.

Беларусь у вайне страціла больш за палавіну свайго нацыянальнага багацця. Вялікімі былі людскія страты. У гады нацысцкай акупацыі з 1941-га па 1944-ы на тэрыторыі Беларусі было знішчана больш за 3 млн мірных грамадзян і ваеннапалонных, выгнана ў нямецкае рабства пад пагрозай смерці больш як 377 тыс. чалавек, з якіх многія загінулі ў выніку нясцерпных умоў працы, нягод і мучэнняў.

У Беларусі памяць аб Вялікай Айчыннай вайне захоўваецца на працягу ўсіх пасляваенных гадоў. За праяўленыя масавыя гераізм і мужнасць у барацьбе супраць агрэсараў сталіцы Беларусі гораду Мінску ў ліку 12 гарадоў былога Савецкага Саюза было прысвоена ганаровае званне "Горад-герой". Званне "Крэпасць-герой" атрымала Брэсцкая крэпасць. Узнагародамі адзначаны іншыя гарады Беларусі. Аб ахвярах вайны і подзвігу народа сведчаць шматлікія абеліскі, помнікі, мемарыяльныя комплексы, Курган Славы. Важнай навуковай і культурнай установай з'яўляецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У летапісе Беларусі не было бітвы больш жорсткай, чым Вялікая Айчынная вайна, не было подзвігу больш значнага, чым подзвіг савецкага салдата, які абараніў Радзіму ад ворага, выратаваў чалавецтва ад нацызму. Памяць аб страшнай вайне і Вялікай Перамозе не можа згаснуць: яна навечна ўпісана ў гісторыю Айчыны і кожнай беларускай сям'і. Перажытая трагедыя і дасягнутая Перамога - вечная крыніца болю і горычы, гонару і славы беларускага народа.
Усё далей і далей аддаляе нас час ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінулых у баях, смутак аб мільёнах бязвінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэйшага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Дзень Перамогі традыцыйна адзначаецца некалькі дзён па ўсёй краіне. Праходзяць канцэрты, фестывалі, выставы, патрыятычныя акцыі, песенныя конкурсы, тэматычныя і інфармацыйныя гадзіны ў школах. Напярэдадні свята ў беларускіх гарадах праходзяць народныя ўскладанні ў месцах пахавання воінаў, вязняў канцлагераў, каб ушанаваць памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Па ўсёй рэспубліцы праходзяць ушаноўванні ветэранаў. На сённяшні дзень на тэрыторыі Беларусі іх пражывае 1,1 тыс. чалавек і амаль 7,4 тыс. грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны (90 працэнтаў з іх - былыя вязні канцлагераў).

У сталіцы праграма святкавання 79-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне абяцае быць цікавай і насычанай. Больш за 25 святочных мерапрыемстваў пройдзе ў Мінску 9 мая. Пляцоўкі для святкавання падрыхтаваны ў кожным раёне горада - іх каля 15. Будуць арганізаваны канцэрты, майстар-класы, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Традыцыйна галоўнай пляцоўкай стане тэрыторыя каля Палаца спорту. На сцэне выступяць як вядомыя беларускія артысты, так і калектывы мастацкай самадзейнасці.

Кульмінацыяй свята традыцыйна ў 23.00 стане салют. Яго дадуць у шасці агнявых пазіцыях: у парку імя Янкі Купалы, імя Паўлава, імя Уга Чавеса, на набярэжнай у мікрараёне Дразды, на пляцоўцы каля культурна-спартыўнага комплексу "Чыжоўка-Арэна" і каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі