Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 красавіка 2024, 17:08

Устаноўлены пералік алімпіяд і конкурсаў, пераможцы якіх залічваюцца ў ВНУ без іспытаў

Фота з архіва
Фота з архіва
26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Устаноўлены пералік алімпіяд і конкурсаў прафесійнага майстэрства, пераможцы якіх залічваюцца ў ВНУ без уступных іспытаў. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства адукацыі ад 12 красавіка 2024 года нумар 42 "Аб устанаўленні пералікаў міжнародных алімпіяд, вучэбных прадметаў, конкурсаў прафесійнага майстэрства ў 2024 годзе", паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Так, без уступных іспытаў у ВНУ і па-за конкурсам у сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі могуць быць залічаны пераможцы (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені) 13 міжнародных алімпіяд. Сярод іх Міжнародная матэматычная алімпіяда (2024 год, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі), Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі (2024 год, Кітай), Міжнародная фізічная алімпіяда (2024 год, Іран), Міжнародная біялагічная алімпіяда (2024 год, Казахстан), Еўрапейская геаграфічная алімпіяда (2024 год, Сербія), Алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і рускай літаратуры "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць" (2023 год, Беларусь).

Таксама вызначаны пералік вучэбных прадметаў трэцяга (абласнога, Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, які завяршыўся ў год прыёму. Пераможцы (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені) гэтага этапу маюць права на залічэнне ў ВНУ ў 2024 годзе без уступных іспытаў пры паступленні ў адпаведнасці з абзацам 19-м пункта 23 і абзацам 16-м пункта 24 Правіл прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі. У гэтым пераліку змешчана 20 вучэбных прадметаў (раней іх было 16): беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура, англійская, нямецкая, французская, іспанская і кітайская мовы, інфарматыка, матэматыка, фізіка, астраномія, біялогія, хімія, геаграфія, гісторыя Беларусі, грамадазнаўства, працоўнае навучанне, фізічная культура і здароўе.

Акрамя таго, пераможцы (дыпломы І, ІІ або ІІІ ступені) V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства могуць быць залічаны без уступных іспытаў у ВНУ для атрымання вышэйшай адукацыі за высокія дасягненні ў асобных намінацыях (кампетэнцыях) гэтага конкурсу, што адпавядаюць выбранаму профілю (напрамку) адукацыі. Таксама па-за конкурсам іх залічаць у каледжы для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі пры паступленні на спецыяльнасці, якія адпавядаюць намінацыям (кампетэнцыям) гэтага конкурсу.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі